Пуцін не хоча здаваць сваіх пазіцыяў. Ва ўкраінскай выведцы мяркуюць, што вайна можа зацягнуцца да зімы

Расейска-ўкраінская вайна працягнецца доўга, бо Уладзімір Пуцін не захоча здаваць сваіх пазіцыяў і адмаўляцца ад захопніцкіх намераў. Пра гэта ў інтэрв’ю «Крым.Реалии» распавёў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Вадзім Скібіцкі.

Расея нанесла ракетны ўдар па жылым раёне ў Мікалаеве, Украіна. 18 траўня 2022 года. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Паводле яго, цяпер задача расейскай арміі – акружыць украінскія сілы на ўсходзе і выйсці на адміністрацыйныя межы Луганскай і Данецкай вобласці. Ва ўкраінскай выведцы мяркуюць, што актыўныя баявыя дзеянні зацягнуцца да канца года.

«Ён [Пуцін. – Рэд. Belsat.eu.] нікому не давярае, нікога не чуе. У яго свае планы аднаўлення Расейскай імперыі. Пуцін не адмаўляецца ад сваіх планаў. Гэтая вайна будзе зацягвацца. Наколькі будзе зацягнутая актыўная фаза, гэта будзе верасень, ці гэта будзе кастрычнік, ці гэта будзе да канца года. Гэта залежыць ад нашага супраціву, ад стану нашых сілаў абароны і ад той дапамогі, якую нам надаюць», – паведаміў Скібіцкі.

У выведцы арыентуюцца на такія даты, як 11 верасня (адзіны дзень галасавання ў Расеі, калі могуць прайсці «рэферэндумы» на акупаваных тэрыторыях) і 7 кастрычніка (калі вайскоўцы могуць захацець зрабіць Пуціну «падарунак» на дзень народзінаў).

У выведцы кажуць, што Пуцін плануе кіраваць Расеяй да канца сваіх дзён, а ад пераемніка даўно адмовіўся.

«Вайну, якую ён хоча весці… яна будзе доўгай. Гэта чалавек, які не хоча здаваць сваіх пазіцыяў», – заключыў Скібіцкі.

Hавiны

«Задача – выматаць праціўніка». Вайсковы эксперт распавёў пра сітуацыю пад Севераданецкам

27.05.2022 09:29

Украінскі вайсковы эксперт Сяргей Грабскі, каментуючы ў эфіры «Студыі «Белсат» сітуацыю вакол Севераданецку (адміністрацыйнага цэнтру Луганскай вобласці, які цяпер падвяргаецца моцным атакам з боку расейскіх сілаў), заявіў, што Украіна не павінна «пакласці ўсе свае сілы і сродкі менавіта на гэтай тэрыторыі».

Пры гэтым расейскія войскі вымотваюць сябе, што «цалкам адпавядае задачам Збройных сілаў Украіны». На думку Сяргея Грабскага, пры неабходнасці Севераданецк можа быць пакінуты, але «гэта не значыць, што на гэтым змаганне спыніцца». Цяпер горад атакуюць 110 батальённа-тактычных групаў, але, нават нягледзячы на «каласальную перавагу ў сілах і сродках», Расея не можа ўзяць горад.

Макар Мыш belsat.eu


#Беларусь