Як самая жорсткая ў краіне калонія «Воўчыя норы» перапрафілявалася з наркатычных на палітычных вязняў

Калонія ўзмоцненага рэжыму № 22 (або, як яе яшчэ называюць, «Воўчыя норы») у апошнія гады стала вядомай праз тое, што сюды пачалі накіроўваць палітычных вязняў. Раней у калоніі адбывалі пакаранне зняволеныя паводле наркатычных артыкулаў. Акрамя гэтага, адміністрацыя папраўчай установы здаўна праславілася сваёй жорсткасцю і стварэннем невыносных умоваў для асуджаных.

Папраўчая калонія № 22. Фота intex-press.by
зона.бел – праект «Белсату», прысвечаны ўмовам, у якіх утрымліваюцца палітычныя вязні. Турмы, калоніі, СІЗА, ІЧУ – там праводзяць дні, месяцы і, на жаль, гады тыя, хто незаконна трапіў за краты. Журналісты не могуць паказаць знутры, як выглядае побыт за кратамі, але пры дапамозе тых, хто ўжо адседзеў, мы можам распавесці пра выпрабаванні, праз якія праходзяць тысячы беларусаў.

Папраўчая калонія № 22 узнікла на месцы вайсковай часткі. У савецкі час непадалёк вёскі Даманава ў Івацэвіцкім раёне размяшчаліся салдаты, тут было вайсковае мястэчка. У 1993 годзе, МУС Беларусі пастанавіла стварыць сярод лесу калонію строгага рэжыму. Але першыя зняволеныя трапілі ў гэтую турму толькі ў 2000 годзе. І адметнасцю гэтай калоніі сталася тое, што сюды накіроўвалі асуджаных менавіта паводле наркатычных артыкулаў.

Трапіць на тэрыторыю калоніі № 22 «Воўчыя норы» або хаця б звонку паглядзець на яе – практычна немагчыма. Калонія месціцца ў лесе на мяжы Берасцейскай і Гарадзенскай вобласцяў. На пад’ездах да ўстановы ў лесе шмат відэакамераў. Таму ахоўнікі яшчэ здалёку бачаць, калі нехта набліжаецца да рэжымнага аб’екту, і рэагуюць тым, што выязджаюць насустрач людзям і патрабуюць патлумачыць, што яны робяць побач з турмой.

«Воўчыя норы». Фота: google.com/maps

Невыносныя ўмовы для вязняў

У 2014 годзе ў калоніі адбыліся некаторыя змены. Тады Лукашэнка запатрабаваў узмацніць жорсткасць пакарання за распаўсюд наркотыкаў і ператварыць жыццё вінаватых у калоніі ў пекла:

«Для іх трэба стварыць невыносныя ўмовы ў месцах адбывання. Давайце адну з калоніяў адшкадуем для гэтага. Калі ў нас не стае такіх людзей на адну калонію, давайце адно падраздзяленне, казарму ці яшчэ нешта ў калоніі найстражэйшага рэжыму, зробім ім такі рэжым, каб яны, седзячы ў гэтай калоніі, наўпрост скажу, смерці прасілі».

Пасля гэтых заяваў калонія атрымала статус узмоцненага рэжыму і сюды пачалі накіроўваць выключна асуджаных паводле наркатычнага артыкулу (арт. 328 КК). А адміністрацыя пачала ціснуць на вязняў. Гучнаю на ўсю краіну зрабілася ў 2015 годзе смерць 38-гадовага асуджанага ў гэтай калоніі. Следчыя нават не назвалі імя чалавека, толькі паведамілі, што прыкметаў гвалтоўнай смерці не выявілі. А мужчына цярпеў на астму і сэрцава-судзінную хваробу. У 2019 годзе ў сакавіку суполка «Беларуская турма» паведаміла пра тое, што ў калоніі павесіўся зняволены М., які адбываў пакаранне ў 1-м атрадзе 3-й секцыі.

Праз узмоцнены рэжым, асуджаныя маюць абмежаваную колькасць спатканняў з роднымі, не могуць атрымліваць шмат пасылак. І нягледзячы на такія моцныя абмежаванні і часам катаванні, асуджаныя баяцца скардзіцца, бо за кожную скаргу іх могуць кінуць у ШІЗА ці памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Часта выкарыстоўваюць у якасці нагоды для пакарання вязняў так званае непадпарадкаванне рэжыму калоніі, непадпарадкаванне адміністрацыі. У выніку зняволеных могуць судзіць паводле арт. 117 КК («Злоснае парушэнне асуджанымі ўстаноўленага парадку адбывання пакарання»), да ранейшых тэрмінаў могуць прысудзіць яшчэ 1–2 гады зняволення.

«Мы шмат звярталіся да дэпутатаў, каб не было столькі жорсткасці ў гэтай турме. Звярнуліся і да Лукашэнкі, каб ён выслухаў нас. Але наш ліст з адміністрацыі накіравалі ў Саўмін, а адтуль накіравалі ў МУС. Мы атрымалі адказ з боку кіраўніка наркакантролю Алега Сільвестравіча, які даў адказы на практычна ўсе нашыя пытанні. Але рэчаіснасць і запэўніванні чыноўнікаў у нашай краіне – гэта зусім розныя сусветы», – распавялі «Белсату» прадстаўніцы ініцыятывы «Рух маці 328».

Бунты ў турме

Асабліва скардзяцца вязні на жорсткасць з боку намесніка кіраўніка рэжымна-аператыўнай працы Валянціна Столяра. Ён вельмі жорсткі чалавек і акурат праз яго шмат хто трапляе ў ПКТ або ШІЗА. Раней гэтую пасаду займаў Юрый Крыштопчык. Рух маці 328 ужо не раз казаў пра бесчалавечнае стаўленне з боку гэтага чыноўніка да вязняў, звяртаўся ў Дэпартамент выканання пакаранняў. Але людзей чыноўнікі не чуюць. У лістападзе 2018 года медыі паведамілі пра бунт сярод вязняў. Маштабы супраціву асуджаных былі даволі істотнымі.

Hавiны

Вязні калоніі пад Івацэвічамі ўзбунтавалі, патрабуюць змены адміністрацыі ўстановы

2018.11.06 15:31

У калоніі ў вязняў ёсць магчымасць працаваць. Ёсць праца, звязанаю з дрэваапрацоўкаю, можна таксама вучыцца і атрымаць спецыяльнасць. Акрамя гэтага, тыя, хто не жадае вучыцца, могуць працаваць з дротам. Дарэчы, раней з дротам працавалі вязні, якія адбывалі пакаранне толькі паводле наркатычных артыкулаў. Але пры гэтым заробкі ў калоніі проста мізэрныя.

«Падчас адбыцця пакарання я атрымаў спецыяльнасць швачкі. Закончыў курсы. Атрымаў дыплом, а цяпер гэтым і карыстаюся на волі. Шыю вопратку, намагаюся рабіць гэта якасна. Калі ўсё будзе добра, то пры дапамозе сяброў ствару сваю невялікую фірму. Бачу, што на вопратку, якую я пашыў, існуе даволі вялікая цікавасць і попыт», – кажа былы вязень калоніі «Воўчыя норы».

Родныя зняволеных не змаглі палепшыць стаўлення да іх, але дзякуючы іхным намаганням у калоніі з’явілася добрая футбольная пляцоўка. Можна займацца спортам.

«Воўчыя норы» для палітвязняў

Напрыканцы 2020 года стала вядома, што «Воўчыя норы» наведваў Мікалай Карпянкоў, які на той момант быў кіраўніком ГУБАЗіК. З запісу, які здолелі зрабіць удзельнікі нарады, стала вядома, што турму рыхтуюць для палітычных вязняў. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі ўвогуле меркавалі стварыць на базе калоніі нават цэлы лагер для палітзняволеных.

«Сказана распрацаваць, зрабіць лагер, ну не для ваеннапалонных, не для інтэрнаваных нават, а лагер для асабліва «востракапытных», такі, для адсялення. І паставіць калючы дрот, атрымліваецца, па перыметры. Там іх трымаць, пакуль усё не супакоіцца», – казаў на аўдыязапісе, які распаўсюдзілі прадстаўнікі «ByPol», чалавек з голасам, падобным на голас Мікалая Карпянкова.

Hавiны

Папраўчую калонію «Воўчыя норы» рыхтуюць для «палітычных»

30.01.2021 09:00

Пасля візіту Карпянкова ў лістападзе 2020 года ўлады сапраўды змянілі спецыфіку турмы, тут змяніўся склад асуджаных, і рэжым зрабіўся яшчэ больш жорсткім.

«Рост жорсткасці рэжыму пачаў праяўляцца з 2020 года з таго, што кантралёры распачалі яшчэ больш правяранняў, ператрусаў. Раней дазвалялі чорныя кашулі, з надпісамі, а цяпер раптам забаранілі і калі знаходзяць такія рэчы – робяць «злоснымі парушальнікамі», – распавялі «Белсату» родныя зняволеных, якія адбываюць тэрмін у калоніі.

Цяпер у калоніі «Воўчыя норы» адбываюць пакаранне больш за 1000 чалавек. Сярэдні век вязня – 25 гадоў, сярэдні тэрмін пакарання – 10 гадоў. Сюды накіравалі Сцяпана Латыпава, Алеся Пушкіна і Уладзіміра Малахоўскага (палітвязня з інваліднасцю, які мае анкалагічную хваробу).

Артыкулы

Палітвязня Сцяпана Латыпава катуюць у калоніі. Ён правёў у ШІЗА 27 дзён

20.04.2022 09:49

Мікалай Каткоў belsat.eu


#Беларусь